МАНДА́ТНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

агульная назва б. калоній Германіі і некаторых уладанняў Турцыі, перададзеных пасля 1-й сусв. вайны Лігай Нацый у кіраванне краінам-пераможцам на аснове мандата. Мандатная сістэма, уведзеная паводле Статута Лігі Нацый, фактычна ўяўляла сабой форму каланіяльнага панавання імперыяліст. дзяржаў і прыкрывала пераразмеркаванне імі каланіяльных уладанняў пераможаных дзяржаў. Кожная з М.т. мела свой статус, які ў многім залежаў ад дзяржаў — трымальнікаў мандатаў. Пасля 2-й сусв. вайны мандатная сістэма заменена сістэмай апекі ААН (гл. Апека міжнародная).

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)